Пра возера Свiцязь

Пра возера Свіцязь 

Беларускае народнае паданне 

Калісьці ўладаром возера быў мірскі князь. I вось ён задумаў даведацца, ці праўда, што на дне возера стаіць затоплены горад Свіцязь, як гэта гавораць у народзе.

Рыхтаваўся ён тры тыдні. Пабудаваў вялікі карабель, сплёў невад, паклікаў ксяндза. I вось, калі закінулі невад і пачалі выцягваць яго, то быў ён лёгкі. Рашылі, што нічога няма. Але, калі выцягнулі апошняе крыло, убачылі ў невадзе цудоўную дзяўчыну з белым тварам, доўгімі распушчанымі валасамі. Адны ад здзіву анямелі, другія кінуліся ўцякаць. Тады дзяўчына загаварыла голасам, падобным да голасу ручая, які бег у гэтае возера:

— Вы задумалі дзёрзкую справу, парушылі спакой возера. Але я раскажу вам пра яго. На тым месцы, дзе сёння возера, стаяў некалі горад. Князь, які валодаў, быў у хаўрусе з навагрудскім князем Міндоўгам. Аднойчы напаў на Навагрудак з магутным войскам суседні цар. Князь разам са сваёй дружынаю паехаў на дапамогу Міндоўгу. У горадзе засталіся старыя, жанчыны, дзеці і сярод іх прыгожая князева дачка. Магутнае войска Міндоўга і княжацкае войска разбілі, і ворагі падышлі да горада Свіцязя. Тады перад князёўнай з'явіўся аднекуль стары і сказаў, што ператворыць горад у возера, а людзей у кветкі. Горад сапраўды адразу пачаў знікаць, а на месцы яго разлілося возера, па якім плавалі цудоўныя кветкі-цары.

Расказаўшы гэта, дзяўчына знікла. Больш яе ніхто ніколі не бачыў. Як успамін пра гэта кожную вясну цвітуць на возеры кветкі-цары.

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий